АНА́НЫНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямёнаў, якія ў 8—3 ст. да н.э. жылі ў басейнах рэк Кама, Сярэдняя Волга, Вятка, Белая. Назва ад могільніка каля в. Ананьіна (Татарыя). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на селішчах і гарадзішчах у наземных драўляных жытлах памерам 10 х 5, 12 х 4 м, а таксама ў доўгіх дамах, падзеленых на секцыі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах, над якімі ставіліся драўляныя зрубы; у магілы клалі жал. і бронзавыя коп’і, сякеры-кельты, чаканы, кінжалы, упрыгожанні. Для ананынскай культуры характэрна кругладонная кераміка з ямкавым і шнуравым арнаментам.

т. 1, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)